РАМА́НАЎСКАЯ ПАРО́ДА авечак,

грубашэрсная парода аўчынна-мяснога кірунку. Выведзена ў 19 ст. ў Расіі шляхам адбору паўн. караткахвостых авечак па якасці аўчыны і плоднасці. Назву атрымала ад месца першапачатковага пашырэння — Раманава-Барысаглебскага пав. (Яраслаўская губ.). На Беларусі гадуюць у Віцебскай вобл.

Жывёлы сярэдняй велічыні, моцнай канстытуцыі. Бараны і маткі бязрогія і з рагамі. Маса бараноў 60—70 (да 80), матак 45—50 (да 60) кг. У нованароджаных ягнят воўна чорная; у дарослых шэрая з блакітным адценнем (доўгі белы пух і кароткія чорныя восці), на пысе і вушах бываюць белыя плямы. Гадавы настрыг з бараноў да 3, з матак 1,5—2 кг. Маткі здольныя апладняцца і прыносіць прыплод на працягу ўсяго года. Плоднасць 200—300 ягнят на 100 матак.

А.​А.​Козыр.

Раманаўская парода: 1 — баран; 2 — авечка.

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)